Тэма 4. Паняцце анамастычнай прасторы (паэтанімікону) мастацкага тэксту
Тэрмін анамастыкон ужываецца даўно і носіць інтэрнацыянальны характар [52]. Аднак ён не адносіцца да агульнапрынятых, распаўсюджаных і абавязковых тэрмінаў сучаснай лінгвістыкі. У сувязі з гэтым уяўляецца неабходным разгледзець розныя падыходы да яго вызначэння.
У калектыўнай манаграфіі “Тэорыя і методыка анамастычных даследаванняў” анамастыкон вызначаецца як даведнік асабовых імёнаў, мянушак, прозвішчаў, тапанімічны спіс і слоўнік [154, с. 200].
Згодна з Л. П. Яфанавай, пад тэрмінам “анамастыкон” варта разумець “лексікаграфічны звод прапрыяльных імёнаў розных разрадаў як у шырокім сэнсе (краіны, рэгіёна, вобласці), так і ў больш вузкім – онімы асобнай вёскі, сельсавета, царкоўнага прыходу” [53, с. 441]. Важнае дапаўненне да вывучаемага паняцця дае даследчык Т. Б. Кузняцова: “анамастыкон не з’яўляецца хаатычным скапленнем імёнаў уласных, а ўяўляе сабой гарманічна арганізаваную полевую сістэму, падпарадкаваную пэўным законам пабудовы анамастычнай прасторы, якая прадугледжвае наяўнасць ядра і перыферыі. Этналінгвістычная інфармацыя, якая захоўваецца ў онімах розных відаў (антрапонімах, тапонімах), дазваляе стварыць цэласнае ўяўленне аб непаўторнай матэрыяльнай і духоўнай культуры стваральнікаў і носьбітаў анамастыкону” [83, с. 10].
У “Слоўніку рускай анамастычнай тэрміналогіі” Н. У. Падольскай паказаная дэфініцыя выкарыстоўваецца ў двух значэннях: 1) слоўнік ці спіс любых уласных імёнаў, складзеных звычайна асобна для розных катэгорый онімаў, у прыватнасці антрапанімікон, тапанімікон, з лінгвісты-
чнымі і экстралінгвістычнымі тлумачэннямі; 2) рэпертуар уласных імёнаў дадзенага этнасу, дадзенага соцыуму, для дадзенага перыяду [125, с. 98].
Тэндэнцыяй апошняга часу стаў разгляд імя ўласнага як згорнутага нацыянальна-культурнага тэксту, што дазваляе кваліфікаваць анамастыкон як “...аксіялагічную шкалу, міфалагізацыю, гераізацыю, ідэалізацыю, канцэптуальныя ўстаноўкі суб’екта, у канчатковым выніку, духоўны стыль эпохі” [52, с. 56]. Пры ўсім гэтым становіцца зразумелым тое, што функцыянальна-эстэтычная каштоўнасць імёнаў уласных праяўляецца ў арганізацыі прасторы мастацкага тэксту. Так, В. У. Вінаградаў, распрацоўваючы тэорыю паэтычнага маўлення, адзначаў, што “пытанне аб падборы імёнаў, прозвішчаў, мянушак у мастацкай літаратуры, аб структурных іх адметнасцях у розных жанрах і стылях, аб іх вобразных і характарыстычных функцыях... вельмі вялікая і складаная тэма стылістыкі мастацкай літаратуры” [29, с. 38].
Адбор і ўключэнне прапрыяльнай лексікі ў тэкставую прастору – працэс мэтанакіраваны, які служыць выражэнню аўтарскіх інтэнцый. Па назіранні Ю. М. Тынянава, “кожнае імя, названае ў творы, ёсць ужо абазначэнне, якое iграе ўсімі фарбамі, на якое яно здольнае” [158, с. 27]. “Па сваім прызначэнні онімы з’яўляюцца неад’емным кампанентам семантычнаа-стылістычнай сістэмы словаўжывання аўтара. Яны арганічна і матывавана ўліваюцца ў сістэму моўных сродкаў мастацкага тэксту, удзельнічаюць у стварэнні агульнай вобразнасці твора, уваходзяць у склад слоўніка аўтара як важны паказчык яго стылю. Менавіта яны арганізуюць асаблівую семантычную прастору тэксту” [5, с. 101], з’яўляюцца яго неабходнымі атрыбутамі, выконваючы тэкстаўтваральную функцыю.
Пад анамастыконам мовы (тэрмін В. М. Тапарова) разумеецца комплекс імёнаў уласных усіх класаў, якія ўжываюцца ў мове дадзенага народа/аўтара ў дадзены перыяд для наймення рэальных, гіпатэтычных і фантастычных аб’ектаў [157, с. 104]. Пры гэтым апісанне і аналіз уласных імёнаў немагчымыя без пэўнай класіфікацыі, якую варта разглядаць як “своеасаблівую платформу аўтара, што спецыяльна ўводзіцца для больш выразнага размежавання з’яў” [148, с. 148]. Пытанне пра змест анамастычнай прасторы і гісторыю фарміравання класіфікацый анамастычных адзінак падрабязна асветлена ў манаграфіі А. В. Суперанскай “Агульная тэорыя імя ўласнага” [148].
Першая класіфікацыя рэалій, “рэчаў, здольных мець імёны” [148, с. 141], належыць Арыстоцелю, які вылучаў катэгорыі, або прэдыкаменты: Substantia, Quantitas, Qualitas, Relatio, Actio, Passio, Quando, Situs, Habitus.
Дж. С. Міл адзначаў непаслядоўнасць арыстоцелеўскай класіфікацыі, бо “...адны рэчы (разумовыя і псіхічныя ўспрыманні і праявы) у іх прапушчаны, а іншыя дапускаюць магчымасць уключэння ў розныя рубрыкі” [148, с. 141]. Дж. С. Міл вылучаў рэчы існуючыя і неіснуючыя. Рэчы, якія могуць мець імёны, ён дзяліў на: 1) пачуцці, куды ўключаюцца думкі, эмоцыі, пачуццёвыя ўспрыманні, волевыяўленні; 2) субстанцыі, якія выклікаюць гэтыя пачуцці; 3) атрыбуты, якія дзеляцца на якасці, колькасці і адносіны, заснаваныя на пачуццёвым успрыманні.
У працах па літаратурнай анамастыцы для больш дэталёвага аналізу функцыянавання анамастычных адзінак у структуры мастацкага тэксту прапануецца полевы метад.
Тэрмін “поле” атрымаў у лінгвістыцы шырокую канатацыю: лексічнае поле (В. У. Багданаў, А. А. Рэфармацкі), семантычнае поле (Л. М. Васільеў), функцыянальна-семантычнае поле (А. У. Бандарка, А. А. Уфімцава) і інш. Для А. А. Рэфармацкага “лексічнае поле – гэта не галіна разнастайных паняццяў, а сектар лексікі, аб’яднаны адносінамі паралелізму (сінонімы), кантрасту (антонімы) і спадарожнымі адносінамі (метанімічныя і сінекдахічныя сувязі слоў), а галоўнае – рознага роду проціпастаўленнямі. Толькі ў межах лексічнага поля слова можа атрымаць значнасць” [129, с. 11].
На думку А. В. Суперанскай, “поле – экстралінгвістычная галіна, з якой суадносіцца тэрмін, але ўнутры поля звычайна назіраецца пэўная лінгвістычная ўпарадкаванасць элементаў. Па прычыне экстралінгвістыч-най абумоўленасці ў адным полі могуць аб’ядноўвацца словы рознай лінгвістычнай арганізацыі” [149, с. 123].
Паняцце поля было распаўсюджана ў XX стагоддзі і на сферу анамастыкі. У канцэпцыі В. І. Супруна анамастычнае поле ўяўляецца “рэальна вылучаемай моўнай структурай”, якая мае такія прыкметы, як “наяўнасць ядзерна-перыферыйных адносін, семантычная агульнасць, што прадугледжвае падобную семантычную структуру слова..., частотнасць, стылістычная афарбаванасць, словаўтваральная актыўнасць” [150, с. 50].
У цэнтры анамастычнага поля аказваецца нязначнае па аб’ёме ўваходзячых у яго канстытуентаў ядро. Ядзерныя канстытуенты найбольш спецыялізаваныя для выканання функцый поля, яны сістэматычна выкарыстоўваюцца, выконваюць функцыю поля найбольш адназначна, акрамя таго – найбольш частотныя ў параўнанні з іншымі констытуентамі, абавязковымі для поля. Калі гэта становішча суаднесці з заўвагай пра тое, што ўласныя імёны пераважна з’яўляюцца антрапонімамі, а іншыя імёны як бы прыпадабняюцца або прыраўноўваюцца да іх [16, с. 161], то ядзерную зону варта аддаць антрапонімам. Да таго ж асноўны анамастычны прынцып мастацкай літаратуры – перавага антрапанімічнай лексікі ў анамастыконе мастацкага тэксту [163]. Перыферыя ўключае ў свой склад іншыя, менш значныя па аб’ёму разрады онімаў, якія характарызуюцца структурна-семантычнай разнастайнасцю і валодаюць рысамі апелятыўна-анімічнага памежжа.
Паэтанімікон (анамастыкон мастацкага тэксту) уяўляе сабой суму анамастычных палёў, якія напоўнены прапрыяльнымі адзінкамі і складаюцца з розных груп онімаў, што ўтвараюць вербалізаваны ў тэксце канкрэтнага аўтара слоўнік і рэпрэзентуюць рэаліі аб’ектыўнай/выдуманай рэчаіснасці.
Кваліфікуючы паэтанімікон як своеасаблівую семантычную катэго-
рыю, мы тым самым суадносім яго з фрагментам індывідуальна-аўтарскай карціны свету і моўнай асобай аўтара. Апошняе назіранне важнае з пункту гледжання прыроды і спецыфікі семантычнага зместу імёнаў уласных, якія складаюць анамастыкон, таму што падкрэслівае цесную сувязь з пазнавальнай дзейнасцю чалавека, якая развівае ўменне арыентавацца ў свеце, г. зн. атаясамліваць і адрозніваць, класіфікаваць і індывідуалізаваць аб’екты навакольнай рэчаіснасці.
Анамастыкон можна разглядаць як фрагмент моўнай карціны свету, інакш – сістэму інфармацыі пра тыя ці іншыя аб’екты/рэаліі, якая бесперапынна канструюецца, ствараецца гэтак жа выбарачна на аснове рэальнай, выдуманай і гіпатэтычнай рэчаіснасці, як выбарачнае найменне прадметаў навакольнага свету: “чляненне рэальнага і нерэальнага свету ў анамастычным плане таксама абумоўліваецца ў першую чаргу значэннем прадметаў для чалавека і патрэбай у спецыяльных індывідуалізуючых абазначэннях для іх” [148, с. 138]. Рэальна існуючы анамастыкон ахоплівае вельмі шырокае і разнастайнае кола прадметаў, што цягне за сабой структураванне онімаў – складнікаў яго, а таксама іх класіфікацыю.
Паэтанімікон (анамастыкон мастацкага тэксту) – гэта семантычнае ўтварэнне, цесна звязанае з сістэмай пэўных каштоўнасцяў у моўнай (шырэй – канцэптуальнай) карціне свету асобы аўтара, з яго матывацыйнымі ўстаноўкамі. У анамастыконе мастацкіх тэкстаў знаходзіць адлюстраванне індывідуальнасць аўтарскай сістэмы онімаўжывання за кошт кантэкстуальных маўленчых, асацыятыўных і фонавых прырашчэнняў. Цэласны аналіз анамастыкону канкрэтнага тэкставага матэрыялу дае магчымасць зрабіць высновы пра тое, якім бачыць аўтар сучасную рэчаіснасць; якія суб’екты/аб’екты з’яўляюцца неад’емнымі яе атрыбутамі, што павінны быць адлюстраваны ў створаным ім тэксце. Выбар пэўных імёнаў уласных аўтарам абумоўлены як уласцівым яму механізмам катэгарызацыі, так і мастацкай задумай, таму ўжыванне ў тэксце кожнага асобнага оніма як элемента анамастыкону адпаведнага твора з’яўляецца заканамерным.